Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну
Навіны рэгіёну
30.12.2021

Лепшых спартсменаў рэгіёна ўшаноўвалі ў Гомелі

30 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Лаўрэатаў прэмій і стыпендый Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія спартыўныя дасягненні ў 2021 годзе ўшаноўвалі сёння ў аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падкрэсліў, што спартсмены і трэнеры сваімі дасягненнямі праслаўляюць Гомельскую вобласць і краіну. "Кожны год спартсмены рэгіёна папаўняюць спіс пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў свету і Еўропы. У бягучым годзе на афіцыйных міжнародных стартах вы заваявалі 124 медалі рознай вартасці", - агучыў вынікі губернатар.


Ён нагадаў, што 2021 год у сусветным спартыўным жыцці прайшоў пад знакам Алімпійскіх гульняў у Токіа. "Чарговую старонку сусветнага летапісу спорту запоўнілі нашы слаўныя дзяўчаты байдаркі-чацвёркі, заваяваўшы серабро на дыстанцыі 500 м. Усяго за гісторыю суверэннай дзяржавы гомельскія спартсмены заваявалі 19 узнагарод", - сказаў кіраўнік вобласці.


У Гомельскай вобласці ўдзяляецца вялікая ўвага развіццю спорту вышэйшых дасягненняў і падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву. Як прыклад - з 2016 года Гомельскі аблвыканкам для стымулявання спартсменаў, у тым ліку з сельскай мясцовасці, назначае імянныя стыпендыі, таксама традыцыйна праходзіць ушаноўванне пераможцаў і прызёраў міжнародных спаборніцтваў і іх трэнераў.


"Мы ганарымся вамі, балеем за вас, з хваляваннем і надзеяй на поспех сочым за вашымі выступленнямі", - звярнуўся да спартсменаў Іван Крупко. Ён пажадаў усім удзельнікам урачыстасці здароўя, сілы волі, упартасці і перамог на славу малой радзімы і роднай Беларусі.


Прэміі аблвыканкама сёння ўдастоены майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа Максім Маркевіч. "Адыходзячы год даволі нядрэнны. Былі ўзлёты і падзенні. Але ўсё ж такі ён пакіне прыемныя ўспаміны. Самая яркая перамога 2021-га для мяне - бронза на чэмпіянаце свету па спартыўнай акрабатыцы", - падзяліўся спартсмен. У планах на 2022-і - заваяваць прызавыя месцы на чэмпіянаце свету. "А для гэтага трэба рыхтавацца, рыхтавацца і яшчэ раз рыхтавацца. Цярпенне, узаемазуменне, працавітасць - тыя якасці, без якіх немагчыма дабіцца поспеху", - перакананы Максім.


Заслужаную ўзнагароду ўручылі і трэнеру-выкладчыку па спартыўнай акрабатыцы СДЮШАР нумар 4 Гомеля Людміле Каласковай. "Хоць год быў няпросты з-за пандэміі, нашы вучні выступілі дастойна. Планы на наступны год толькі адны: наперад і толькі наперад. Канкурэнцыя расце, таму трэба павышаць майстэрства, працаваць над асабістымі якасцямі, захоўваць здароўе і смела ісці да вызначаных мэт", - сказала трэнер.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Да спіса