Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Лукашэнка патрабуе ад губернатараў не ўстараняцца ад пытанняў адукацыі

21 верасня 2023
21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад губернатараў і мясцовай улады не ўстараняцца ад пытанняў адукацыі і падыходзіць да іх вырашэння па-гаспадарску. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанні сферы адукацыі павінны знаходзіцца на кантролі ў тым ліку ў губернатараў, паколькі іх зона адказнасці далёка не толькі сельская гаспадарка.

"Міністэрства адукацыі пэўную каляіну пракладвае: новы вопыт і іншае. Але губернатары неяк у цені, але гэта ваша сфера. І вам там лепш відаць. Каляіна абазначана на ўзроўні Міністэрства адукацыі, урада - дзейнічайце. Не міністр павінен рамантаваць вам школы, а вы гэта павінны рабіць. Не міністр павінен вазіць дзяцей. Прынцыпова прынята рашэнне, выдзяляем аўтобусы. Паглядзіце, дзе гэтыя аўтобусы выкарыстоўваюць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: да ўсіх пытанняў неабходна падыходзіць па-гаспадарску. Напрыклад, тыя ж школьныя аўтобусы павінны выкарыстоўвацца толькі для школьных патрэб, і тады яны праслужаць доўгія гады. "А ў нас аўтобусы выходзяць са строю. Гэта так, на злобу. Вы разбярыцеся, губернатары, як гэта ўсё выкарыстоўваецца. А ва ўрадзе што? Прынеслі, скінулі туды прапановы, паглядзелі: "А, ну яшчэ дадзім тысячу ці паўтары аўтобусаў". Грошы трэба лічыць", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Усё яшчэ ёсць праблемы і па арганізацыі харчавання ў школах. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ежа павінна быць якасна прыгатаваная, але не трэба адрывацца ад зямлі і адкрываць у школах рэстараны. "Таму давайце разбірацца і глядзець", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што маніторыць сітуацыю ў сферы адукацыі трэба абавязкова з удзелам кантралюючых органаў. "Тое, што яны павінны быць з вамі побач на фінішнай прамой (падрыхтоўкі адукацыйных устаноў да новага навучальнага года. - Заўвага БЕЛТА) і падказаць, што вось тут трэба зрабіць, - гэта правільна, - сказаў ён. - Залішне бегаць па школах і напружваць выкладчыкаў, настаўнікаў і кіраўніцтва ВНУ не трэба, толку ад гэтага не будзе. Але тады будзе жалезнае спагнанне (з кіраўнікоў устаноў адукацыі. - Заўвага БЕЛТА). Калі не дай бог што здарылася, тады мы спытаем з кіраўнікоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб асноўных праблемных пытаннях у сферы адукацыі на нарадзе далажылі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў і Генеральны пракурор Андрэй Швед.

Кіраўнік КДК, гаворачы аб працэсе падрыхтоўкі школ да 1 верасня, звярнуў увагу на тое, што раней былі пашпарты гатоўнасці школ, якія падпісвалі розныя ведамствы, не толькі Мінадукацыі. Аднак потым ад гэтай практыкі адмовілася само Мінадукацыі.

"У выніку атрымалася тое, што мы маем: дакументы проста падпісваюцца, нават без выезду на месца, - заўважыў ён. - Таму КДК сумесна з Генпракуратурай унеслі прапанову аб тым, каб гэта быў міжведамасны акт, які мае пэўны статус. Больш таго, павінны быць вызначаны крытэрыі гатоўнасці школ".

Ёсць таксама прапанова аб тым, каб спрасціць сістэму фінансавання такіх работ па аналогіі з тым, як у свой час зрабілі ў ЖКГ з арганізацыяй бягучых і капітальных рамонтаў. "У кожным раёне ёсць свае будаўнічыя арганізацыі. Не трэба па ўсёй краіне, умоўна кажучы, шукаць іпэшнікаў для таго, каб яны пафарбавалі двое дзвярэй", - прывёў вобразны прыклад Васіль Герасімаў.

У ліку пытанняў, якія да гэтага часу не вырашаны ў частцы гатоўнасці школ, ён назваў нездавальняючы стан стадыёнаў (асабліва ў сельскай мясцовасці), вокнаў, дахаў. Што датычыцца арганізацыі харчавання, то бываюць факты недаўкладання прадуктаў, парушэнні тэхналогій, негатоўнасці харчаблокаў.

"Па ўступнай кампаніі. Мы лічым, што той вопыт, які быў па ЦТ (з чаго мы пачыналі), і тое, што цяпер - дастаткова наладжаны. Калі б не было выпадку з пералікам балаў, то якіх-небудзь асаблівых нараканняў з боку насельніцтва мы не атрымалі б", - сказаў Васіль Герасімаў. На яго думку, уступную кампанію трэба ўдасканальваць. У прыватнасці, можна асобныя гуманітарныя навукі перавесці на вусны экзамен. "Але поўнасцю ламаць зноў сістэму, на нашу думку, немэтазгодна", - падкрэсліў ён.

Генпракурор у сваім дакладзе таксама ўказаў на наяўнасць сістэмных недахопаў у адукацыйным працэсе. Ён лічыць, што трэба карэнным чынам памяняць сістэму падпісання сертыфікатаў гатоўнасці школ і абазначыць адказнасць службовых асоб, якія іх падпісваюць. Ёсць, паводле яго слоў, недахопы па планаванні і фінансаванні бягучых і капітальных рамонтаў, арганізацыі сістэмы харчавання. Што датычыцца ацэнкі якасці падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, то Андрэй Швед звярнуў увагу на спробы ўхіліцца ад выканання канкрэтнай задачы па ўдасканаленні падручнікаў замест выдання ўсё новых і новых. "Павінны быць дакладныя, даступныя, усімі прызнаныя падручнікі. Замест гэтага Міністэрства адукацыі чамусьці адыходзіць ад крытэрыю "падручнікі". Цяпер іх усяго 7, затое больш як 200 навучальных дапаможнікаў, - прывёў прыклад генпракурор. - Адчуванне складваецца, што людзі зарабляюць на гэтым грошы, таму што ствараюць так званыя навучальныя дапаможнікі, якія, з нашага пункту гледжання, мала адаптыўныя да сярэдняй школы".-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе: https://www.loev.gov.by/by/republic-by//lukashenka-patrabue-ad-gubernatarau-ne-ustaranjatstsa-ad-pytannjau-adukatsyi-22598
© ЛОЕЎСКІ РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2025.