Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

У ФПБ прааналізавалі, як змяніліся цэны на айчынны баршчовы набор за год

29 сакавіка 2023

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі правяла чарговы штомесячны маніторынг цэн асноўных прадуктаў харчавання, найбольш запатрабаваных насельніцтвам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ФПБ.

Прадстаўнікі нацыянальнага прафцэнтра наведалі 117 раёнаў і гарадоў і зафіксавалі цэны і наяўнасць тавару ў 234 магазінах. Асаблівую ўвагу народны кантроль удзяліў малочнай прадукцыі (маслу сметанковаму, малаку, смятане, сырам, тварагу), яйкам, мясу, рыбе, крупам, агародніне і фруктам. Калі апошнія некалькі гадоў Федэрацыя прафсаюзаў звяртала ўвагу партнёраў у асобе адпаведных міністэрстваў і ведамстваў на рост цэн на крупы (асабліва адрозніваліся проса і грэчка), то на гэты раз зафіксавана зніжэнне цэн на іх. У межах 2-4 працэнтаў патаннелі крупы грэцкія, манныя, ячныя, прасяныя. Намецілася зніжэнне цэн на рыс, растваральную каву і чорны чай.

Змяненне цэн менш за 1 працэнт зафіксавана на ялавічную тушонку, кансервы фруктовыя для дзіцячага і дыетычнага харчавання, куры, малочныя прадукты, цукар, запалкі, яйкі.

У межах 3 працэнтаў вырасла цана на муку пшанічную вышэйшага сорту, шматкі аўсяныя, вараную каўбасу. Крыху вышэй сталі каштаваць сасіскі і сардэлькі першага сорту, печань ялавічная.

За месяц падаражэлі і некаторыя віды плодаагародніннай прадукцыі, выявілася сезоннасць. На 31 працэнт павялічыліся ў цане памідоры, на 24 працэнты - перац салодкі, цыбуля рэпчатая - у межах 10 працэнтаў. У той жа час можна адзначыць зніжэнне цэн на агуркі - 32 працэнты, бульбу - 3 працэнты, часнок - 1,5 працэнта. На ранейшым узроўні заставаліся цэны на бананы, цытрусавыя, моркву.

Аналіз цэн на плодаагароднінную прадукцыю даў магчымасць адзначыць некаторыя адрозненні ў рэгіянальным разрэзе. Так, кошт плодаагародніннага набору, які ўключае па 1 кг капусты, бульбы, морквы, буракоў, цыбулі і яблыкаў склаў (па ўзрастанні): у Гродзенскай вобласці - Br7,61, Брэсцкай - Br7,75, Мінскай - Br8,16, Магілёўскай - Br8,23, Гомельскай - Br8,81, Віцебскай вобласці - Br9,06, г. Мінску - Br9,40.

Народны кантроль адзначае, што гэтыя прадукты маюць істотнае значэнне для пенсіянераў, студэнтаў і некаторых іншых катэгорый грамадзян. Таму ў Федэрацыі прафсаюзаў заяўляюць аб тым, што да фарміравання цэн на плодаагароднінную прадукцыю павінны быць аднолькавыя падыходы. Тым больш з улікам таго, што на гэта міжсезонне стабілізацыйныя фонды былі ўкамплектаваны поўнасцю і нават з некаторым запасам.

Прафсаюзы не адзін год звярталі ўвагу ўрада на рост цэн на традыцыйную для беларусаў агародніну. З улікам гэтага ў нацыянальным прафцэнтры прааналізавалі, што адбылося з айчынным баршчовым наборам за апошні год.

Высветлілася, што ў параўнанні з сакавіком 2022 года цэны на асобныя віды агародніннай прадукцыі знізіліся. На капусту - на 53,5 працэнта, бульбу - 32,4 працэнта, моркву - 26,3 працэнта, буракі - 36,4 працэнта, часнок - 34,2 працэнта, яблыкі - 5,4 працэнта.

"Сваю станоўчую ролю ў вырашэнні гэтага пытання адыграла пастанова нумар 658 "Аб стабілізацыйных фондах", якую ўрад прыняў у кастрычніку мінулага года", - лічаць у Федэрацыі прафсаюзаў. Таму ёсць дамоўленасць, што з улікам практыкі яе прымянення па выніках гэтага міжсезоннага перыяду пры паступленні абгрунтаваных прапаноў ад зацікаўленых яна будзе адкарэкціравана і прадоўжыць сваю работу".-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе: https://www.loev.gov.by/by/region2-by//u-fpb-praanalizavali-jak-zmjanilisja-tseny-na-ajchynny-barshchovy-nabor-za-god-21978
© ЛОЕЎСКІ РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2025.