Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

"Сапраўды патрэбна была дапамога і падтрымка". Як пачыналася акцыя "Нашы дзеці"

8 студзеня 2025

8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як і калі была арганізавана дабрачынная акцыя "Нашы дзеці", расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар у праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць".

Як абазначыў Віктар Доўнар, назва акцыі дадзена не проста так. "Наш Прэзідэнт заўсёды гаворыць, што чужых дзяцей няма. Яны сапраўды ўсе нашы. У нас у краіне ўдзяляеца даволі шмат увагі пытанням аховы дзяцінства", - падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення. Акцыя зарадзілася ў сярэдзіне 1990-х гадоў. У той перыяд фарміраваліся галіновыя праграмы. Так, у красавіку 1995 года на ўзроўні ўказа Прэзідэнта была падпісана пяцігадовая праграма развіцця сістэмы адукацыі.

"Усе памятаюць, у якой сітуацыі ў пачатку 1990-х гадоў была наша краіна. Важна было адвесці яе ад бездані. І нават у той час краіна знаходзіла магчымасць клапаціцца аб дзецях. Каб маленькія жыхары маглі верыць у цуд, і з'явілася гэта акцыя. Таму што сапраўды была патрэбна дапамога і падтрымка. Бо ў 1995 годзе было даволі шмат інтэрнатных устаноў, дзіцячае сіроцтва расло. І дзякуючы ў тым ліку гэтай акцыі ўдалося паўплываць на сітуацыю, з'явілася перспектыва скарачэння інтэрнатных устаноў", - падкрэсліў прадстаўнік Мінадукацыі.

Амаль праз 30 гадоў сітуацыя значна змянілася. Паводле даных Міністэрства адукацыі, калі 10-11 гадоў таму ў краіне было 48 дзіцячых дамоў, то на сёння іх 10. "Колькасць дзяцей у іх мінімальная, таму што ў прыярытэце ў нас прыёмныя сем'і, дамы сямейнага тыпу", - абазначыў Віктар Доўнар.

Як адзначылі ў праекце, маштабы акцыі пастаянна пашыраюцца. Акрамя дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай увагі і клопату, "Нашы дзеці" нацэлены і на падтрымку высокаматываваных хлопчыкаў і дзяўчынак, што дасягаюць поспехаў на розных узроўнях і ў розных сферах.

Упершыню акцыя "Нашы дзеці" стартавала ў 1995 годзе, яна была арганізавана Міністэрствам адукацыі па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы. На гэты раз яна праходзіць па 15 студзеня.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе: https://www.loev.gov.by/by/region2-by//sapraudy-patrebna-byla-dapamoga-i-padtrymka-jak-pachynalasja-aktsyja-nashy-dzetsi-24223
© ЛОЕЎСКІ РАЁННЫ
ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ, 2025.