Пархомчык аб пастаўках сельгастэхнікі ў РФ: попыт на камбайны ўстойлівы
31 ліпеня 2023
31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб пастаўках беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў Расійскую Федэрацыю і наладжванні ўзаемадзеяння ў гэтым напрамку ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" расказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык, паведамляе БЕЛТА.
"Цяпер попыт, асабліва на камбайны, павышаны. Зразумела, па якіх прычынах пайшлі з Расійскай Федэрацыі практычна ўсе еўрапейскія брэнды, закрылася вытворчасць камбайнаў і трактароў CLAAS у Краснадары, але застаўся "Растсельмаш" і застаўся наш "Гомсельмаш". Рынку ЕАЭС для нас усіх больш чым дастаткова", - сказаў Пётр Пархомчык.
Віцэ-прэм'ер дадаў: "Літаральна 2,5 года таму мы выраблялі 1,9 тыс. камбайнаў, у 2021 мы вырабілі 2 тыс., у 2022-м - 2,5 тыс. камбайнаў. Цяпер імкнёмся да планкі 3 тыс. камбайнаў. Попыт на камбайны ўстойлівы. І мы адчуваем, што нам трэба яшчэ планку падымаць значна вышэй - ісці да колькасці 3,5-4 тыс.".
"Інвестпраект, які мы цяпер рэалізуем па "Гомсельмашы", вырашае дзве задачы: павелічэнне вытворчасці камбайнаў на самім прадпрыемстве, і мы падставілі плячо "Растсельмашу", мы з імі пасябравалі, знаходзімся ў добрых, цёплых адносінах і дапамагаем вырабляць неабходныя кампаненты, вузлы, дэталі для камбайнаў, якія ўстанаўліваюцца ў Растове на тэхніку "Растсельмаша". Сёння мы зараджаны на тое, каб рухацца наперад", - адзначыў намеснік прэм'ер-міністра краіны.
Пётр Пархомчык таксама закрануў пытанне выканання даручэння Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб наладжванні работы з сельгастэхнікай, што пэўны час не выкарыстоўвалася. "Было даручэнне Прэзідэнта падняць тую тэхніку, якая доўгі час стаіць пад плотам, пра якую ўжо забылі. За гэты год удалося каля 400 адзінак трактароў і камбайнаў падняць з-пад плота. Гэта тая тэхніка, якая ў нейкія перыяды часу была донарам для рамонту тэхнікі, што працуе на палях. Ёсць даручэнне Прэзідэнта краіны забяспечыць збожжавымі камбайнамі. На сённяшні дзень ужо адгружана 525 камбайнаў, задача стаяла 600 камбайнаў (па 100 камбайнаў у кожны рэгіён). Тое даручэнне, якое было ўзгоднена з Прэзідэнтам, будзе выканана ў поўным аб'ёме", - сказаў ён на заканчэнне.-0-
БЕЛТА - Навiны Беларусi